Замоўныя формулы – гэта цудоўны матэрыял для даследавання
Замовы былі выкліканы да жыцця працоўнай практыкай чалавека, яго гаспадарчымі патрэбамі, функцыі іх былі накіраваны на здзяйсненне жадаемага.
У арсенале народнай педагогікі слова як стымул, як сродак уплыву на псіхічны стан чалавека займала важнае месца. Сёння мы, як ніколі, адчуваем вялікую патрэбу ў звычайных, гаючых, пяшчотных, бадзёрых, душэўных словах, у якіх былі б закладзены добрыя магічныя інтанацыі, станоўчыя эмоцыі.
Замовы – гэта від абрадавага фальклору, які займае своеасаблівае месца ў сістэме фальклорных жанраў.
У 1992 годзе ў серыі “Беларуская народная творчасць” выйшаў том “Замовы”, у які ўключаны больш за тысячу тэкстаў, як узятых з дарэвалюцыйных зборнікаў, так і запісаных у наш час.
Чаму нас сёння так вабяць замовы?
Замовы называюць яшчэ “загаворы”, “нагаворы”, “шэпты”, “шаптанні”, “малітвы”, “словы”, “чары”, “замаўленні”.
Замовы адносяцца да ўтылітарна-практычнага тыпу мастацтва, хоць самі тэксты замоў сведчаць аб занатаваных у іх высокіх эстэтычна-мастацкіх магчымасцях слова.
Многія свае ўласцівасці замовы захавалі з першабытнай эпохі, часу свайго ўзнікнення. Выкарыстанне замоў мела на мэце дакладнае захаванне традыцыі. Калі назіраліся змены ў тэксце замовы, то лічылі гэта прычынай няўдалых вынікаў замаўлення. Невыпадкова і сёння існуе надзвычай моцнае ўяўленне аб тым, што замоўныя формулы перадаваліся ад пакалення да пакалення без змен. Гэта было абумоўлена народнымі вераваннямі ў тое, што замовы толькі тады будуць мець сілу, калі будуць выконвацца без змен і пропускаў.
У старажытнасці чалавек верыў, што акаляючы яго свет – жывая істота, што да прыродных з’яў можна звяртацца як да “жывых стварэнняў”. Імкнучыся аблегчыць сваю працу, паўплываць на стыхійныя варожыя з’явы рэчаіснасці, абараніцца ад уздзеяння звышнатуральных сіл, наш далёкі продак механічна перадаваў магічную сілу слова тым прадметам і з’явам, якія хацеў падпарадкаваць сваёй уладзе.
Надзвычай красамоўнымі з’яўляюцца паляўнічыя замовы, якія прамаўляліся напярэдадні ці ў выніку паспяховага палявання, напрыклад: “Вадзіца-царыца, усяму свету памашніца, як ты змываеш сырое карэнне, серае і белае каменне, так змый і маю ружыну-ружніцу і булат-залеза. Як страляець з неба Міхаіл-архангал громам і маланьнёй, і вострай стралой, і як ніхто ня можаць уняць і мяне, раба божага стрелца, і маю ружыну-ружніцу і булат-залеза. А над маёй ружынай-ружніцай і булат-залезам нету спаругання ва векі вякоў”, або “Как этаму дзераву на карні не стаяць, атросткаў не пускаць, так маім звярам нікому не ўракаць. Лес драмучы, звер бягучы! Звер прабягаў, но маяго следа не відаў, а я, добры маладзец, на яго напаў, а лесу часному і лясному хазяіну паклон аддаваў і падаркам яго надзяляў: хлебам да соллю, да каленкораву рубаху, да шаўковую падпаяску”.
Магічнае слова
Асобную і даволі вялікую групу складаюць замовы супраць розных хвароб (ліхаманкі, зубнога болю, крывацёку, укусу змяі і інш.), якія ўзніклі ў глыбокай старажытнасці на аснове рэальнага жыцця і побыту чалавека, які быў заклапочаны сваім здароўем. Гэты від лекарскіх замоў здаўна суправаджаў жыццё чалавека, пачынаючы ад яго нараджэння. Напрыклад, карысталіся лячэбнымі замовамі пры цяжкіх родах, калі аднімалі дзіця ад грудзей, ад бяссонніцы, пры шматлікіх дзіцячых захворваннях.
Асобную групу ўтвараюць замовы ад крыві, крывацёку, сярод якіх вылучаецца нешматлікі найбольш старажытны пласт, дзе гучыць зварот да крыві, як да жывой істоты з просьбай пашкадаваць хворага і перасяліцца ў іншае месца: “Кроў-кровушка, перастань цечы! Будзеш у здаровым целе і ў жылах жыці і разам Бога хваліці, а коль не перастанеш цечы да с цела ісці, то цебе не будуць обсарвовеці, але собакі будуць лізаці. Годзі ж табе ісці, ісці годзе, бо ў гэтага человека, хворого, посоловелі очы, да помлелі рукі, ногі”
Сярод замоў ад крыві сустракаюцца тэксты з царкоўна-хрысціянскімі элементамі. У такой групе замоўных формул галоўнае месца адведзена такім персанажам, як “Бог”, “Ісус”, “Маць Прачыстая”, “Ісус Хрыстос”, “Божая Маці”, якія з мэтай дасягнення жадаемага выконвалі розныя магічныя дзенні: “Ішла Маць Прачыстая па полю чыстаму, залатою трасцінаю папіралася, траву рвала, рану затыкала. Залатая трасцінка, пераламіся, рабу божжаму кроў уніміся”*
Замовы, звязаныя з сямейным жыццём
Самастойную тэматычную групу ўтвараюць замовы, звязаныя з сямейным жыццём прыватным бытам. Галоўнае прызначэнне – рэгуляцыя ўзаемаадносін паміж хлопцам і дзяўчынай (замовы “прысушкі”, “адсушкі”), мужам і жонкай.
Тэксты любоўных замоў даносяць да нас водгукі глыбокай старажытнасці, калі ўсякая духоўная, маральная з’ява ўяўлялася нашым продкам як матэрыяльная сіла. Паводле народных вераванняў, каханне можа гарэць, як агонь, можа сушыць.
У аснове любоўных замоў ляжаць рэальныя параўнанні паміж такімі з’явамі прыроды, заканамернасці дзеяння якіх несумненныя, напрыклад, нават сонца ў гэтых любоўных формулах выступае не як міфічнае боства, а як рэальная нябесная сіла, якая дае цяпло. Не выпадкова “...як краснае солнышка вассіяла, прыпякае мхі і балота, цорныя гразі, так бы прыбягаў, прысыхаў ка мне раб божы Васіль ка мне, рабе божай Вользе – очы ў очы, сэрца ў сэрца, мыслі ў мыслі”
Магічнае слова ці малітва
Замовы – з’ява язычніцкага паходжання. Тэрмін “язычніцтва” (паганства) быў прыняты ўмоўна ў царкоўным асяроддзі для абазначэння ўсяго нехрысціянскага, дахрысціянскага.
У больш старажытных замовах захоўваецца загадная форма звароту да сіл прыроды з мэтай дасягнуць жаданага, прысутнічае матыў пагрозы, напрыклад, у замове “Ад укусу змяі”, запісанай на Віцебшчыне: “Змія-гад, вазьмі свой яд! А то я вазьму тры кіі зялезных, тры кіі мідзяных, тры кіі дзіравянных і выб’ю ўсё тваё царства і пакаленне...”.
Зусім інакш гучыць тэкст замовы ад нячыстай сілы, які адчуў на сабе ў працэсе бытавання відавочны ўплыў царкоўнай малітвы. Упэўненасці ва ўласных сілах, перакананасці ў неабходнасці тых ці іншых дзеянняў, якія ўласцівы для вышэйпрыведзенай замовы, тут мы не ўбачым.
Хрысціянская царква праследавала не толькі заклінанні, але і іх носьбітаў.
Людзей, асноўным заняткам якіх былі замаўленні, варажба, называлі чараўнікамі, шаптунамі, знахарамі, ведзьмакамі. Калі да знахароў і шаптуноў адносіліся з пачцівасцю, пашанай, то ведзьмакоў народ не любіў і баяўся. З гэтымі асобамі не выпадкова было звязана ўяўленне, што і пасля сваёй смерці яны могуць шкодзіць, таму, як сведчаць фальклорысты мінулага, іх выкапвалі з могілак, “адціналі” галаву, прабівалі асінавым калом, закідвалі могілкі травою-багуном. Лічылася, што такія захады маюць выратавальны характар ад ліхіх дзеянняў ведзьмакоў-нябожчыкаў.