Багацце сямейна-абрадавай паэзіі

Рытуал

Семантыка дзеянняў

З сучасных фальклорных прац, у якіх апублікавана і радзінна-хрэсьбінная паэзія, варта назваць “Беларускія народныя песні” Р. Шырмы, “Анталогію беларускай народнай песні” Г. Цітовіча, “Песні народных свят і абрадаў” Н. Гілевіча, “Радзінная паэзія” (складальнікі М. Грынблат і В. Ялатаў) і “Радзіны. Абрад. Песні” (складальнікі Г. Пятроўская, Г. Таўлай, Т. Кухаронак) серыі БНТ. З новых апублікаваных прац вылучаюцца фальклорна-этнаграфічныя зборнікі, прысвечаныя вывучэнню традыцыйнай духоўнай спадчыны Гомельскай вобласці, у тым ліку рэгіянальна-лакальных асаблівасцей радзінна-хрэсьбінных абрадаў і паэзіі.
Комплекс традыцыйных радзінных звычаяў і абрадаў беларусаў складаецца з трох цесна звязаных цыклаў: дародавага, родавага і пасляродавага. Першыя два ўключаюць прыкметы і ўяўленні, звязаныя з імі павер’і, абрадавыя дзеянні, скіраваныя на захаванне цяжарнасці і паспяховае завяршэнне родаў, апошні – звычаі і абрады, якія сімвалізуюць ідэю прыняцця нованароджанага ў сям’ю і падтрыманне яго здароўя ў пачатковы перыяд жыцця.
Загавор
Беларускі фальклор

Важнейшым абрадам у радзінах славянскіх народаў было хрышчэнне

У язычніцкія часы абрад грунтаваўся на карпаганічнай – ачышчальна-ахоўнай магіі. Хрысціянскае таінства хрышчэння азначала вызваленне чалавека ад грахоў і далучэнне да царквы. Названы абрад заканчваўся традыцыйным народным святкаваннем – хрэсьбінамі або ксцінамі (“бабіны”).
Насілі хрысціць дзіця ў царкву хрышчоны бацька і хрышчоная маці — кум і кума, для якіх давер сям'і нованароджанага быў вялікім гонарам. У сувязі з гэтым была выпрацавана ў розных лакальных традыцыях Гомельшчыны адпаведная рэгламентацыя, згодна з якой як да выбару кума, так і кумы прад’яўляліся пэўныя патрабаванні.
Напрыклад, у в. Старая Дуброва Акцябрскага раёна кумоў выбіралі, каб “былі малодшыя за бацькоў, тады дзеці не будуць доўга заседжвацца ў халасцяках: дзеўкі будуць замуж ісці, а хлопцы жаніцца”. У якасці кумоў у в. Патапаўка Буда-Кашалёўскага раёна выбіралі толькі жанатых людзей, але “не ў коім разе муж і жонка – гэта забаранялася, бо пасля гэтых хрэсьбін яны пачыналі жыць вельмі дрэнна”.
Паколькі традыцыя кумаўства ў народных уяўленнях мела высокі аўтарытэт, то і рытуалу выбару кумоў надавалася вялікае значэнне. Звычайна гэту высокую місію выконваў бацька, які павінен прыйсці абавязкова з хлебам і гарэлкай, пры гэтым ён прагаворваў сваё запрашэнне (быць кумам) у становішчы “стоячы, каб дзіцё хутка навучылася хадзіць” (в. Сінічына Буда-Кашалёўскага раёна). Тым, каго запрашалі ў кумы, зыходзячы з народных вераванняў, адмаўляцца нельга было: “Адказвацца, калі цябе звалі быць кумам, была нельзя” (в. Залаты Рог Веткаўскага раёна). Як пацвердзілі жыхары в. Старое Сяло Веткаўскага раёна, хросных бацькоў выбіралі з ліку блізкіх або далёкіх родзічаў, бо яны “далжны аб дзіцёнку забоціцца, калі што з роднымі бацькамі здарыцца”.
Цэнтральнай падзеяй у радзінных абрадах з’яўляліся хрэсьбіны — урачыстае застолле, бяседа, якая адбывалася па традыцыйнаму рытуалу, што складваўся на працягу стагоддзяў. Рэшткі яго дайшлі да нашага часу ў большай або меншай захаванасці амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Спецыяльных абрадавых дзеянняў, якімі распачыналі хрэсьбінную ўрачыстасць, на большай частцы тэрыторыі Беларусі не існавала.
На хрэсьбіны запрашаліся сваякі, сябры, суседзі. Абавязковымі гасцямі былі бабка, кума, кум. Для іх адводзілася ганаровае месца — кут. Калі збіраліся госці і кумы вярталіся разам з нованароджаным з царквы, гаспадар запрашаў грамаду за стол.
Звычай “бабіна каша” – важны момант радзінна-хрэсьбіннай абраднасці: “Крута звараную кашу зверху ўпрыгожвалі кветкамі або цукеркамі. Падавалі яе ў канцы застолля” (в. Валосавічы Акцябрскага раёна). “У некаторых месцах (на Палессі) раней кашу прыносіла і хросная маці, але “білі” гаршчок толькі з “бабінай кашай” (часцей за ўсё крута зваранай прасяной). Абрад сімвалізаваў надзею на дабрабыт, здароўе парадзіхі і нованароджанага і даваў магчымасць падмацаваць іх матэрыяльна: сабраць грошы і іншыя падарункі для сям’і і бабкі” .
Гаршчок з кашай павінны былі разбіць і раздаць удзельнікам урачыстасці, якія прымалі кавалкі кашы і аддзячвалі падарункамі. Рытуал разбівання гаршка з кашай меў адметныя мясцовыя асаблівасці: у адных вёсках кашу разбіваў кум, у другіх той, хто больш пакладзе грошай, у трэціх – хто апошні дасць грошы на кашу.
Рытуал разбівання гаршка з кашай – кульмінацыйны момант радзінна-хрэсьбіннай абраднасці. Магічнае значэнне надавалася “разбітым чарапкам” ад гаршка.
Выхаванне дзіцяці

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *


Math Captcha
− 3 = 2